БЕЛАРУ́СКІ МАЛІ́НАВЫ,

сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка звычайная і Лаўфам. Раянаваны з 1991 па Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Пашыраны ўсюды.

Дрэва моцнарослае, з даволі густой круглаватай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год пасля пасадкі, дае багатыя ўраджаі. Сорт зімаўстойлівы, успрыімлівы да паршы. Плады пляската-круглаватыя, крыху асіметрычныя, злёгку рабрыстыя, розных памераў (110—170 г). Скурка тонкая, гладкая, бліскучая, з невял. васковым налётам. Асноўная афарбоўка зялёная, покрыўная — размытая малінавая, часам паласатая. Мякаць плода зеленаватая, сакаўная, кісла-салодкая, пахучая. Пры захоўванні не трацяць смакавых якасцяў да сакавіка—красавіка.

З.А.Казлоўская.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)